МІ́НСКІ УЗНЯСЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р (УШЭ́СЦЯ). Існаваў у канцы 15 — пач. 18 ст. ў Мінску. Засн. як праваслаўны пры Узнясенскай царкве вял. княгіняй ВКЛ Аленай Іванаўнай, якая адпісала манастыру в. Трасцянец і надала яму статус архімандрыі. Першым архімандрытам быў духоўнік Алены Іона (у 1503—07 мітрапаліт кіеўскі). У 1633 прывілеем караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV манастыр далучаны да мужчынскага Святадухаўскага манастыра (гл. ў арт. Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры). Пазней належаў уніяцкаму ордэну базыльян. Статус архімандрыі скасаваны ў 1675 на базыльянскай кангрэгацыі ў Жыровічах. Прыкладна тады ж князі Горскія адабралі ў манастыра Трасцянец, а ўзамен далі ў дзяржанне Слабодку (каля 1699). Дакладная дата закрыцця невядома.

А.А.Ярашэвіч.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)